Андрэй перастаў думаць і ўслухоўваўся ў гэтыя гукі, якія трывожылі ноч.
«А рэха так трашчыць па лесе, нібы хто пугай хвошча па арэшніку…» — зазначыў ён.
Мінуўшы доўгую паласу густога туману, што вісеў цяпер ззаду над дарогай выбеленым палатном, калёсы вынырнулі на поле, якое звалі Жукаўшчынай. Гэта былі палеткі суседняга калгаса. Некалі яны належалi тутэйшаму пану Жукоўскаму.
На полі туману не было, і Андрэй убачыў блізка ад лесу жытнёвыя мэндлікі. Яны густымі радамі падступалі месцам аж да самай дарогі.
— Во! — узрадавана замармытаў ён сам сабе. — Ляціць час. Гэтак хутка жніво прыдыбала, не паспелі нават косы на бэльку павесіць…
I тут яму нібыта заняло. Новыя думкі змусілі яго забыцца пра ўсе нягоды і няўдачы на лузе.
Ён звярнуў каня з дарогі ў бярэзнік і, спыніўшыся, сядзеў яшчэ некаторы час на возе, углядаючыся ў бок чужой вёскі, адкуль заўсёды прыходзіў калгасны палявы вартаўнік Вайцех, яго, Андрэеў, швагер.
Ён доўга не адважваўся ступіць на чужое поле, але слова «швагер» вырашыла ўсё. Ды i гэта ж не свой калгас, ніхто i не падумае…
А бліжэйшы мэндлік буйнымі, натапыранымі каласамі цягнуў да сябе, хаця шапаценне на полі спелай саломы ад ветру палохала Андрэя. Сама цяжэй яму было адарвацца ад цёплага месца на возе: сырая канюшына прыемна сагравала яму азадак і галёнкі. А пасля ён смела захадзіў каля мэндліка, тручы пальцамі каласы ў далоні, не баючыся нават, што пакідае ад ботаў сляды на загоне. «Спелае жытцо… Воск… Аж у цемнаце відно. А высахла як, хрумшчыць. Вось бы вазок такога…»
Андрэй прысеў, але не змог абхапіць увесь мэндлік рукамі і, разбурыўшы яго, прынёс да воза толькі пяць снапоў. Другім рэйсам узяў на два снапы больш. Ён так сціскаў іх, несучы, што парасціраў каласы, і цяпер, калі махаў ля калёс свабоднымі ўжо рукамі, зерне пырскала з яго вопраткі на зямлю. Асцё набілася за каўнер, кусала шыю і грудзі. Яго нельга было абтрэсці з мокрага ад поту цела.
«Во д’ябал… — раптам вылаяўся ў думках Андрэй. — Не ўсё абмазгаваў. Пра хлопца ж чуць не забыўся… Храпе, недавярак… Ён мне з двух бакоў замінае. З аднаго — лішняе вока, значыць і горла лішняе заткнуць трэба, а з другога — месца на калёсах заняў… I чаго толькі чорт паказаў яго на маю галаву? Адстаў жа ад усіх, бабыль. Але ён з нашай скуры скроены, — супакоіў сябе Андрэй. — Змоўча. Толькі вось нe пакладзеш снапы на яго».
— А ну, уставай, бухмач!.. — таўхануў ён раптам Рамана Сідарку пад бок. — Уставай, уставай… Не ўскруціш цябе ніяк, разаспаўся… Млявасць узяла, пацягваецца… А ну, давай, бо пахмялю пугаўём!..
Сідарка расплюшчыў вочы, прыўзняўся, узяўшыся за аглабіцы, і, варочаючы галавой, ссунуўся з калёс. Андрэй адвёў яго і пасадзіў пад бліжэйшую бярозу. Той апусціў галаву на калені і зноў засоп. Сон не пакідаў Сідарку ў гэту ноч, як і жахі Якубчыка.
Калёсы хутка апаражніліся ад дзяцельніцы, і два прыдарожныя мэндлікі снапоў ледзь утоўпіліся намітуські ў аглабіцы. Сядзенне цяпер было высокае, і Якубчык рашыў не браць «сыр’я» на калёсы, а толькі зацярушыць ім салому ад выпадковага вока.
Неўзабаве падвода павярнула назад, пад луг, затым скіравала на дарожку, хутчэй сцежку, якая яшчэ аж праз чатыры з гакам вярсты выводзіла ў вёску, але затое адразу на загуменне. Там можна схавацца і да сябе, а лепш за ўсё да сваёй даўняй прыяцелькі, кумы Шуркі.
Яшчэ раз растаўханы і аблаяны, Сідарка цяпер вымушаны быў, высока седзячы ззаду за Якубчыкам на возе, моцна трымацца за аглабіцы (дарога віляла па карэнні і калдобінах і яшчэ больш трэсла снапы). Але і тут сон ішоў за хлопцам аж у самую вёску, i Андрэй раз-пораз аглядаўся, каб, божа барані, не згубіць гэтага разяваку.
Назаўтра толькі пад вечар неміласэрнае сонца, чапляючыся за вершаліны ліп у канцы вёскі, пачало даваць людзям палёгку ад пакутлівай гарачыні.
Па вуліцы, дыхнуўшы халадком, прабег лёгкі ветрык. Яго ледзь можна было адчуць пасля такой дзённай спякоты. Але затое густа зашапацела лісце на галінах ліп, нібы хто раптоўна страсянуў іх. Было відаць, што там, уверсе, вецер больш смелы, чым тут — у завулках і ля прызбаў. Такія вятры звычайна ўзнімаюцца захадам сонца, перад ціхай і спакойнай ноччу.
У гэтую пару Андрэй з Раманам выйшлі ад Шуркі і, трымаючыся за плот, пацягнуліся дадому — кожны ў свой бок.
Ноч не хіне вартавога да сну. Яна насцярожвае, прымушае варушыцца i быць напагатове.
Вайцех i не думаў спаць ноччу. Даўно ён звыкся з гэтым, i яго каротка стрыжаную прадаўгаватую галаву, пасівелую ўжо напалову, ніколі не гнула да калень, калі ён садзіўся адпачыць пад бярозу або на крушню камення; яго шэрыя вочы зырка бегалі ў цемені. Тым больш, што цяпер такі доўгі летні дзень! З вяроўку… I выспішся ўволю, і з касой пабрындаеш, і ў лес з кошыкам збегаеш.
I колькі б разоў Вайцех ні хадзіў нанач у Жукаўшчыну, ён ніколі не памятаў аднастайных начэй, і яны яму ні разу не надакучалі. Ночы і сапраўды, відаць, аднастайныя толькі для тых, хто іх не бачыць за сном.
А для Вайцеха кожны знаёмы куст штоноч шумеў па-рознаму; i нават вячэрні шолах лісця пад ціхім ветрыкам не быў падобен да насцярожанага, таямнічага шэпту на золаку. Вечарам, калі густы пыл ад прагнанага дарогай статка туманам віснуў у паветры і ахутваў лес рудымі валокнамі, Вайцех улоўліваў у ім подых сырадою і, здаецца, адчуваў пах і недапітага малака, i недаедзенага хлеба з пастуховай торбы.
Ён любіў слухаць, як лес паглынае перагуд камбайна, галасы жней, тахканне па карэнні цяжка нагружаных снапамі калёс; як ён змаўкае на хвіліну, каб затым адгукнуцца з невядомай далечы доўгім, глухім рэхам; або суцішыцца і затоіць яго ў сабе назаўсёды, баючыся патраціць дарэмна гэтае багацце…