Не па дарозе - Страница 7


К оглавлению

7

Удзень яго ніхто не патрывожыў: відаць, і брыгадзіру было не да Андрэя, бо ён не прыйшоў даведацца, чаму той не выйшаў на работу. Хаця нічога страшнага: на вочы Андрэй яму не папаўся б, а ў хаце для чужога быў падрыхтаваны адказ — бацька ў доктара.

На ноч ён перайшоў у хату і ўкрыўся на ложку двума коўдрамі. Доўга соп, стагнаў і варочаўся. Заснуў толькі пад дзень.

Раніцой, прачнуўшыся і абмацаўшы рукамі балючае месца, ён зазначыў, што боль суцішыўся і пухліна пачала спадаць.

Адначасова з’явіўся і другі, можа, яшчэ горшы боль: трывожна зашчымела сэрца.

«А што, калі Вайцех здурнеў і перадаў пасцілку старшыні?.. Яе недзе пазналі… Як выкруціцца? А можа, яна і цяпер ляжыць там непрыкметна ля лесу ў разоры? Чаму я назаўтра не паслаў па яе хлопца? Але маглі і спецыяльна яе пакінуць, каб падкаравуліць і схапіць…» — Думкі паўзлі самыя трывожныя, але ясныя, як божы дзень, — кары гэты раз не мінуць. Адзін ратунак — надзея на швагра, калі той яшчэ не развязаў языка.

Трэба ляцець да яго як мага…

Вуліцай ісці ён баяўся і падыбаў на загуменне па сваім бульбоўніку, які быў яму па пахі. Адтуль ён падаўся ў лазу і выйшаў на лясную дарогу, што вяла праз Жукаўшчыну ў Леснікі, дзе жыў Вайцех.

За вострымі яловымі вершалінамі, здавалася, матлялася сонца, хаваючыся зрэдку за густыя сасновыя шапкі. Халадок, які стаяў у лесе, асвяжаў Андрэя, і ён забываўся пра боль, які напамінаў аб сабе, калі шморгаліся адна аб адну залубянелыя калошыны старых картовых штаноў.

Ішоў ён той самай дарогай, якой бег ноччу, i яму прыпомніліся ўсе ранейшыя падыходы да Жукаўшчыны…

«Відаць, каб не падвёў тады вечарам Сідарка, з ім бы, можа б, і лепш абмазгавалі… А што гэта піскляня, — падумаў ён пра сына, — магло зрабіць? Што яно яшчэ цяміць…»

Думкі вярнулі яго да той няшчаснай начы.

Шурка не вельмі іх паіла. Усю справу, мусіць, сапсаваў Сідарка, папрасіўшы аднойчы авансам да літроўкі яшчэ і дваццаць пяць рублёў. Тады яна адразу закапрызіла, закруціла носам і заявіла, што ў тую ноч прывезлі не снапы, а нейкае аб’еддзе, з якога яна ледзь нацярушыла паўмяшка.

Ды нічога. Усё можна паправіць. Няма на свеце такой справы, якую б не ўладзілі Якубчык з Шуркай. Назаўтра ж ён дамовіўся падкінуць ёй чысцейшага зярняці, за што тая паабяцала «хлёсткую выпіўку» і адразу падсунула паўнюткую шклянку горкай. Трымала Шурка і «сапраўднае зелле», якое стаўляла толькі ў крайніх выпадках, калі ёй здавалася, што справа вось-вось застыне і яе трэба зрушыць з месца. На Андрэя гэта дзейнічала больш, чым жончын чапяльнік, якім тая частавала яго, калі ён вяртаўся ад Шуркі «пад мухай».

Кажуць, абяцанага тры гады чакаюць. А Андрэй не мог вытрываць нават i трох дзён да паабяцанага Шуркай пачастунку.

Прыехаўшы з лугу, ён павінен быў па нараду касіць атаву ў канцы вёскі. Гэтымі днямі ён кідаўся ў хваробу і адлучаўся ад мужчын. Крыху пабрындае з касой каля платоў і — дадому.

«Трэба і сабе агледзець дзе-небудзь вазы на тры. Але ладна ўжо… паспею», — думаў ён.

Сёння Андрэй надзейна прыхаваў касу ад брыгадзіравых вачэй. Заўсёды той наперад пазнаваў, ці пойдзе Андрэй на работу па тым, наклёпана яго каса ці не. Ён браў касу з-пад падстрэшка, дзе яна заўсёды вісела, і спрабаваў клёп пазногцем, часта лаючы Андрэя апошнімі словамі.

Гэты раз каса была надзейна схавана ў хляве за скрыняй, на якой сядзелі куры, і Андрэй, падаўшыся на гароды, хутка схаваўся ў лазе, што падступала да самых калгасных гумнаў. За ёй пачынаўся малады і густы лес, які паступова, калі аддаляцца ад вёскі, быў парадзелы ад парубак.

Дарогі ён мінаў, ішоў узлессем, затым трапіў на даўнейшую пасеку, што за вайну зарасла арэшнікам і асінамі. Маладыя разгатыя рабіны, урадлівыя ў гэта лета, наўкруг абступалі яе. Здалёк здавалася, што яны звешваюць на дол вышытыя прыгожымі жоўта-чырвонымі ўзорамі ручнікі з адмыславатымі шлякамі ля самай зямлі, — дзе абвіслае галлё гублялася ў зялёным малінніку і высокай мятліцы.

Паляна выводзіла аж на Жукаўшчыну, якраз да таго месца, дзе ён спыняўся тады ноччу, едучы з лугу.

Расціснуўшы пальцамі некалькі разбухлых ад дажджу малін, ён укінуў іх у рот, пакорпаўся ля куста, каб знайсці яшчэ якую ягаду, затым падаўся ў кірунку да поля.

«Час не марудзіць так, як я», — азіраўся ён па баках. Пад нагамі трашчала векавечнае гнілое ламачча і згінаўся маліннік. Андрэю здавалася, што лес повен падазроных людзей, якія ідуць за ім і шушукаюцца. Але гэта хутка прайшло.

Чаго яго цягнула гэтак у Жукаўшчыну, ён i сам добра не ўсведамляў. Нібы хто повад накінуў на шыю і гне яе, нахіляючы ўсяго ўперад…

Мусіць, хацелася дазнацца адно — ёсць блізка каля лесу снапы ці не?

«Такое густое там было жытцо… Каласы, як волава», — думаў ён.

У адным месцы да паляны блізка падыходзіла дарога. Заіржаў недалёка конь. Андрэй спыніўся. Затахкалі па карэнні колы, і неўзабаве паказаліся вазы з сенам. Ён не ведаў, што гэта былі за падводы.

«Мусіць, нарыхтоўку цягнуць леснікоўцы», — падумаў Андрэй, падаючыся на другі бок паляны.

Раптам у яго за плячыма ўзнік страшэнны гул, шалёны звон і посвіст непрыемна разануў вуха. Як стрэлы, высока пранесліся тры рэактыўныя самалёты, пакідаючы за сабой у чыстым небе белыя кучаравыя дарожкі — кожны па дзве.

«Ратунку няма ад гэтых чарцей. Выюць дзень i ноч. Можа, дзе мітрэнга якая на свеце… — яму раптам захацелася павярнуць у вёску, але ён стрымаўся. — Калі ж іх цяпер у небе больш, чым падвод на дарозе. Снуюць. Кожны па сваё…» — пусціўся ён у развагі, і ногі неяк самі прыбавілі кроку.

7