Не па дарозе - Страница 10


К оглавлению

10

Няўжо ён тады спатыкнуўся? Няўжо ён даў які-небудзь знак для таго, каб воля Андрэя павяла за сабою Юльку?.. I куды? На верную смерць…

Цяжка ўспамінаць тыя часы, калі яго дома на папялішчы не сустрэў ніхто: ні жонка, ні дачка… А можа, i не варта прыпамінаць мінулае? I звер жа не заўсёды бегае па адных i тых жа слядах… Але цяжка ўтрываць, калі адчуваеш штодня, як амаль учора яна, Юлька, лашчыла цябе i прымала з такой ахвотаю тваю пяшчоту…

Яна — жонка. Як многа Вайцех звязваў з гэтым словам… Для яго яна была ўсім: у маладосці — несціханай радасцю, непаседлівасцю, замілаваннем; а пасля — сямейным спакоем, мацярынскім шчабятаннем над калыскай, клопатамі, каб хаця раслі сыны. Жонка… Цаны ёй не было… Яе чорныя вочы амаль ніколі не кідалі ў яго бок папракальных або падазроных паглядаў. Ён быў варты гэтага.

Толькі няма чаго цяпер варушыць попел згарэлых да тла дзён. Нічога не вернецца. А слёзы не памогуць ніколі, як не памаглі яму тады. Мужчынскія слёзы — дурная раса. Ён i не плакаў тады многа. Ён змірыўся з тым, што ў яго няма больш самага дарагога. Але колькі разоў гэтае слова — жонка, да якога ён стаў цяпер чорствы, кроіла яму душу, і здавалася часам, што яе ранаў не можа залячыць ніякі бальзам…

Чорт i да пекла прывыкае, прывык i Вайцех да адзіноты. Хаця тады яшчэ ішла вайна, якая прымушала забывацца на ўсё, калі трэба было да болю ў руках сціскаць аўтамат…

Адзінокае жыццё сушыць сэрца. Але ён не лічыў сябе зусім адзінокім. У яго ёсць дачка, такая ж чарнавалосая i чарнабровая, толькі па характару, можа, менш жвавая, як маці. У бацьку крыху ўдалася. Ён будзе жыць для яе, будзе яе вучыць, будзе шанаваць, як толькі зможа. I сам ён дажыве веку пры ёй. Дзе ўжо яму маладзіцца. Старасвецкі дуб, які вынес на сабе незлічоныя буры, не можа расці ўгору i пышна зелянець. З кожнай вясной на ім ўсё менш і менш зялёных галін… Дык няхай будзе яму ўцехай маладое, гонкае дрэўца, што расце пад яго шатамі, і няма чаго хіліцца праз дарогу да каржакаватай, усёй у грыбах і з абламаным голлем бярозы…

Дачка! Толькі дачка, адзіная, самая меншая з сям’і, можа загаіць яго раны душы, а астатняя радасць — не радасць. З трох сыноў у вайну ўцалеў толькі адзін. Ён недзе ў арміі. Афіцэр… Ён любіць бацьку, але не так, як дачка…

Чым больш Вайцех стараўся не думаць пра мінулае, яно неяк само лезла недзе адтуль, з яміны далёкіх, горкіх год. Яго варушыў, у ім капаўся адзін чалавек, з якім Вайцех у жыцці ніколі больш не хацеў сустракацца. Гэта — Андрэй, яго швагер. Гэта ён не хацеў тады, каб Юлька жыла з ім, ён гразіў прыкончыць яе… Хоць праз многа год, але ён, здаецца, стрымаў сваё слова. Ён сапраўды збяёдаў яе…

Нехта разумны сказаў: калі ў людзей у жыцці разыходзяцца дарогі, то разыходзіцца i дружба. А ці была ў іх наогул дружба? Калі i была, то даўно разышлася, а вось дарогі ніяк не маглі размінуцца.

«Не. Не я стаў яму папярок… Не! Божа барані!.. Ён мне ўсё жыццё атруціў… Ад сонца засланіў… I выходзіць, што я цяпер магу яму адпомсціць… — думаў Вайцех, не знаходзячы сабе месца ў хаце. — Можа, ён так будзе думаць… Не помста ў маім сэрцы гаворыць… Цяжка мне пакрывіць душою з-за такога чалавека, які нікому на свеце вось на гэтулькі не зычыў дабра…» — Вайцех дакрануўся пальцам да кончыка завостранага алоўка, які ляжаў на акне. Ім нядаўна нешта пісала Аля — яго дачка. Ён апусціўся на лаву і глянуў у гародчык. Лісце з чаромхі ўжо густа пакрывала зямлю. Курчыўся і чарнеў ліст на бэзе. Пад кустом язміна капаліся куры. Яны былі задаволены ціхім, бесклапотным летнім днём, які нёс адметы восені. Але дзе ім зразумець гэта… Капаюцца і ўсё. Як ім добра, вольна i прасторна пад кустамі бэзу і чаромхі, у цяньку.

Толькі… што гэта?.. Вайцех упіўся вачыма ў зямлю. Патроны… Яны, аўтаматныя патроны… Куры перакочваюць іх дзюбамі, як сухія стручкі гароху… Вайцех аж задрыжаў ад радасці. А ён думаў, што яго аўтамат замоўк. Не… Яму трэба толькі паўхвіліны, каб набіць ражок, i тады немцы зноў адкоцяцца ў лагчыну. Разведчыкі застануцца жыць i прабяруцца ў брыгаду… Вочы яго расшыраюцца i становяцца нерухомыя, барада апускаецца на кулакі, лоб дакранаецца шыбіны.

Вайцеха паглынаюць успаміны…

Пушча цягнула ад сябе вячэрняй цішынёй. Хацелася адпачыць ад бяссонніцы i стомы, забыцца на ўсё, перачакаць ліха… Але было не да забыцця.

Здаецца, нехта водзіць палкай па частаколу, нехта скідвае з гары дошкі адну за адной…

Рэха ад стрэлаў далятае да іх адусюль: злева, справа, спераду, ззаду… Апошняя нямецкая блакада. Немцы кінулі з фронта рэгулярныя часці на партызанскія раёны. Брыгада Кутузава трымала шэсць дзён абарону па рацэ Віліі — ад Камена да Пагоста. Немцы нерваваліся, лезлі з ходу да рэчкі, пасыпалі ўзлессе мінамі. Бухалі іх гарматы, і надакучлівыя «месеры» шнырылі над неглыбокімі партызанскімі акопамі. Немцы ў гарачцы і ў злосці гатовы былі на ўсё. Яны перлі перад сабою да рэчкі жывёлу, а самі, тулячыся за яе, краліся да берага… Або, сабраўшы каменскіх і пагосцкіх жыхароў,— жанчын, дзяцей, старых, — гналі іх у брод, а самi ціснуліся за імі ззаду.

Нарэшце, ашалелыя эсэсаўцы кінуліся ноччу да рэчкі і прарвалі абарону кутузаўцаў…

Партызаны адступалі ў кірунку Бягомля, на Палік. Жоглаўка і Леснікі адразу былі заняты немцамі. Кутузаўцы пераправіліся праз раку Дзвінасу і стрымлівалі націск немцаў з боку Жоглаўкі.

…Да Паліка далёка. Палік — возера, балота, пушча. Туды бягуць усе бліжэйшыя раёны: Плешчаніцкі, Лагойскі, Бягомльскі… Партызаны з боем і без бою, ноччу і днём здаюць немцам вёскі ў пажары. Але покуль той Палік… Урэшце трэба будзе ісці на прарыў. Уперадзе баі, голад, твань, «месеры» з бомбамі, эсэсаўцы з аўчаркамі, што выцягваюць чалавека з-пад любога карча…

10