Ісці на прарыў трэба цяпер, тут, каля Дзвінасы…
Так рашае камандаванне партызанскіх брыгад «Народнага мсціўца» i «Кутузава».
Штаб брыгады Кутузава размясціўся ў вёсцы Вінера, якая туліцца за Дзвінасой. Камісар брыгады Мясуноў, шыракатвары, нервовы мужчына з чырвонымі ад бяссонніцы вачыма, які замяняе раненага камбрыга, выклікае з перадавой пазіцыі брыгадных разведчыкаў… Вайцех забягае ў крайнюю — штабную — хату апошні… Ім, чатыром разведчыкам, трэба пранікнуць у тыл ворага у раёне Леснікоў — Жоглаўкі, разведаць размяшчэнне немцаў, іх магчымыя слабыя месцы, каб, прарваўшы абарону на Дзвінасе, можна было адразу адарвацца ад праціўніка.
Іх чацвёрка: камандзір брыгаднай разведкі Сашын, Вайцех, яго аднавясковец Іван Кацярынчык і невысокі маладзенькі Міцька Гарэлік. Яны пакінулі Вінеру на заходзе сонца.
Ноч іх атульвае за Дзвінасой, у дрымотнай пушчы, што вядзе ў Ямское, дзе пачынаюцца пакінутыя зямлянкі іх брыгады.
На гэты бок Дзвінасы да Леснікоў цягнецца нізінная пясчаная каса — вясновыя намывы і наносы. На ёй нічога не расце. Каса вядзе да маладога сасняку, дзе цяпер паблісквалі ў цемені кастры. Каля іх мітусіліся людскія сілуэты.
Вайцех зразумеў, што наблізіліся да першай пазіцыі немцаў. Яе не абыйдзеш: яна цягнецца кіламетраў на сем у адзін і ў другі бок аж да непраходных балот, якія нават i ноччу абстрэльваліся з мінамётаў.
Ідуць ланцужком, сагнуўшыся: Вайцех, Кацярынчык, Міцька i Сашын. Прыпыняюцца, прыслухоўваюцца. Галоўнае, не выдаць сябе раней, чым паспеюць дайсці да акопаў.
…Немцы перасталі страляць: вячэралі. Выдалася хвіліна цішыні. У яе назойліва ўрывалася незнаёмае шваргатанне, i недзе ўперадзе ракаталі маторы. Затым зноў усё патанула ў траскатні i клёкаце. Вайцех адчуў, што падчас страляніны смялей ісці: па крайняй меры, ведаеш, дзе ражон.
Канчалася каса. Кулямёты, відаць, вартавыя, загаварылі ззаду. Стралялі ўжо не ў іх бок. Сасняк уперадзе зліваўся з цеменню; ярчэй заблішчэлі кастры і заляпалі нейкія бляшанкі. Агеньчыкі цяпер палалі па ўсяму сасняку ўздоўж касы, і недзе там, у кутку, ля балота яны мітусіліся папяроскамі.
Сашын падаў знак «прарыў!». Прыўзняўшыся, Вайцех заўважыў перад сабой жоўты пясок бруствера. Завагаўшыся, прыпыніўся без усякага сігналу, і ланцужок, якім яны ішлі, парушыўся. Вайцеха ўжо міналі разведчыкі. Сашын ціхенька свіснуў, што значыла «бягом»: пачыналіся акопы. Вайцех заўважыў, што хлопцы нырнулі ў цемнату. Ён рынуўся да бруствера і скокнуў уперад.
Цяпер па ўсім сасонніку шумела страляніна.
Вайцех шмыгнуў у гушчар ля нейкага бліндажа, відаць, штабнога. Каля яго не было салдат, толькі адзін вялізны немец стаяў у дзвярах навыцяжку і не звяртаў увагі ні на страляніну, ні на чалавека, што пёрся амаль на яго.
Тут было цэлае скопішча эсэсаўцаў. Сасняк ля самай дарогі, за якім пачыналася багна, даў ім тут прытулак. Яны ляжалі ў акопах параспрананыя або проста на зямлі ля агнёў…
Стралялі ўжо ў Вайцеха, але кулі свісталі недзе ўверсе.
Ад агню яму раптам насустрач кінуўся нехта сагнуты з пісталетам у руцэ. Вайцех, націснуўшы на курок, ткнуў ствалом аўтамата яму ў грудзі, адкінуўшы таго потырч на зямлю.
Лес стагнаў ад стрэлаў і крыку.
Трэба было ратавацца…
Такая цішыня… Здаецца, далёка чуваць, як лопне пад нагою порхавачка…
Насцярожанасць змяняецца сумам. Ён выплывае аднекуль з невядомага яшчэ кутка душы, як з цемры лесу, i, нарастаючы, прымушае задумацца i зажурыцца.
Вайцех павярнуў бы адгэтуль за Дзвінасу: заданне ж, лічы, выканана. Ясна. Прарыў трэба рабіць у кірунку лагераў. Але ж ногі чамусьці не слухаюцца, цягнуць туды, у Жоглаўку, дзе ён некалі ўпершыню сустрэў сваю Юльку… Ага. Цяпер Вайцех ведае, што не дае яму павярнуць назад. Не толькі трывога па разведчыках… Іх у Жоглаўцы няма, ён гэта знае… Але хвіля сюды, хвіля туды. За ноч ён паспее прабрацца за Дзвінасу, ён будзе бегчы, пакуль хопіць сілы… Ён вернецца, даложыць аб усім Мясунову, але каб толькі пабачыць яе i дачку…
У цемры лесу неспакойна варушыцца чалавек, i трывожна б’ецца яго сэрца.
Пра свой дом Вайцех не думаў. Згарэла i хата, i варывенька; паабгарэлі таполі і стаяць чорныя, пажоўклыя. Ён пранік хмызняком на загуменне, заглянуў да сябе ў хлеў, што застаўся цудам. Пахла гарам, дымам, печанай бульбай i прэласцю, якая ішла ад размяклай гліны на пажарышчы. У хляве на памосце валялася сена, сапрэлае, пацёртае. Вайцех капнуў нагой і ўбачыў тры мятровыя кійкі-стэкі. Ён падняў адзін з ix i тут жа з агідаю, адкінуў. Зрабілася мутарна: стэк быў запэцканы ў кроў…
«Не сабак жа яны імі паласавалі, ірады… Мала іх біў, мала…» — закусіў вусны Вайцех і падаўся з папялішча.
Надвячэрняя цішыня нязносным сумам агартала яго душу. Няхай бы лепш шумеў злосны вецер, няхай бы ляпалі ў хляве дзверы ад шалёных парываў і размятаўся па пажарышчы попел, рассейваўся, каб яго больш ніколі не бачыць… Няхай бы шумелі абгарэлай лістотай пакалечаныя таполі, і ў іх жалобным шуме хай бы чуўся адвечны праклён тым, хто сёння спапяліў i жыццё i душу чалавека… Лягчэй было б тады на сэрцы Вайцеху. А так… Ён па-мужчынску змахнуў пальцамі слязіну з вачэй i расхінуў аўтаматам хмызняк на ўзлессі…
…Трывожная ноч… Недзе далёка ў глыбіні лесу азваўся раптам груган… «Куррл…» Чаго гэта ён не ў сваю пару? Нашто спатрэбілася i яму трывожыць цішыню ночы i душу чалавека?
Аднекуль з лапак зляцела вялізная начніца; трывожна зацыгікаўшы, кінулася Вайцеху пад ногі i шалёна замахала крыламі.
Ельнік канчаўся. Пачыналася палянка, якая ўдалечыні адсвечвала белым пяском; там, мусіць, была дарога. Выходзіць на яе было рызыкоўна, і Вайцех трымаўся ўзлесся, дзе яго ў любы час мог прыхінуць ельнік. Нарэшце, кончыўся і хмызняк. Ён абрываўся раптоўна, за ім расплываўся ў рэдзенькім тумане лог, дзе і пачыналася Жоглаўка.