Пасля гэтага ён не мог ужо ніяк звесці вочы ноччу: зарокся.
Але ўчарашні дзень нечым новым парушыў спакой Вайцеха. Гэта было не тое адчуванне, якое падказвала напад дзікоў: у снапы наведаўся двуногі звяруга… На Вайцеха найшло нейкае ўтрапенне, збіла яго з думак, абурыла, усхвалявала. Ён не спаў суткі, хадзіў узлессем, паднімаў і нюхаў атаву, збіраў растрэсеныя каласы, выследжваў зблытаны калёсны тор, змучыўся, а ўсё-ткі разгадаў, што след павёў не на луг, за рэчку, а ў суседні калгас. Адразу адзін-на-адзін расказаў свае меркаваннi старшыні, але ад гэтага не паспакайнела.
«Хто дзе бачыў, каб воўк, унадзіўшыся ў гусей, лёгка пакінуў іх? Раз такі чалавек пакаштаваў збажыны, ён захоча і пад’есці, а то і напхаць сваё волле. Значыць, злодзей прыйдзе, трэба каравуліць…»
Хіба будзеш спакойны ад такіх думак?
У гэтую ноч, ціхую i месячную, ніхто не прыйшоў.
Вайцех ведаў, што чалавек прапускаў суткі — другія, каб адвесці вочы.
«Прыслухоўваецца недзе, ці агледзелі… Але ў нас ніхто не расплявузгае: ведае, апроч мяне, толькі старшыня. Ды ён сам сказаў маўчаць і навастрыць вушы».
Яшчэ адзін дзень пагаснуў барвовым сонцам у густым далёкім тумане.
Вайцех прызвычаіўся да туманных начэй на Жукаўшчыне: яны былі цяплейшыя, чым ясныя ды ветраныя, і апрануў толькі паддзёўку, пакінуўшы ў сенцах на скрыні суконную бурку — спадарожніцу халодных начлегаў.
Нейкі інстынкт падказваў, што сёння будзе «госць», і хутчэй чалавек, чым звер. Дзіўна, але Вайцех так адчуваў… А розніца паміж зверам і чалавекам, які прыпляцецца на поле, — усё ж вялікая. I Вайцех намацаў у кішэні кардонавыя патроны, якія былі набіты соллю. Бліскучыя бронзавыя гільзы, поўныя цяжкага шроту і гранкуляк, ён пералічыў і пазапіхаў у патайную кішэню паддзёўкі — далей ад спакусы…
Была тая шэрая гадзіна, калі ноч на вачах змяняла вечар і трашчала галлём пад нагамі на ўзлессі ды шапацела старой, падсохлай травой на дарозе. Неба паступова зацягвалі рудаватыя хмары. Яны навісалі ўсё ніжэй і ніжэй над полем, і яно ад гэтага рабілася меншае, вузейшае, здавалася, i лес бліжэй падсунуўся нанач, нібы ён ніяк не хацеў прымірыцца з тым, што пад бокам у яго такі прасцяг неабсяжнага, чыстага ад дрэў і кустоў поля.
Вечер тихой песнею
Над рекой плывёт…
— павольна, ціха-ціха, сапраўды, як вечар, плыла з дому задушэўная мелодыя…
Ночкі цёмныя, глухія…
— збіваўся юначы бас, заглушаючы дзявочую журбу i сум па чымсьці далёкім, нязведаным…
— Э-ха-ха… — уздыхнуў Вайцех, павёўшы далоняй па доўгім, няголеным твары. Ён памалу крочыў паўз лес да таго месца, дзе пару якіх дзён назад хтось згроб два мэндлікі. Ногі неяк самі вялі туды.
«Але ці ж дурань злодзей!.. Не будзе ён браць у адным i тым жа месцы на такім полі. Лавіць яго цемнатой, што клапа ноччу на падлозе», — падумаў Вайцех. Ён пачынаў хвалявацца ад такіх думак. Патрэбна было выкінуць іх з галавы, бо хвалявацца ў такіх выпадках, — значыць, неасцярожна выдаць сябе.
Цямнела. Вастрэў i слых.
«Месяц павінен узысці толькі амаль пад дзень, няма чаго на яго спадзявацца…»
Зрабілася цёмна і ціха, як у мяшку. Паступова на небе нельга было разгледзець кудлатых, густых хмар. Гэта было ўжо не пахмурнае неба, а навес над галавою, чорны, як над токам, запыленым шматгадовай малацьбой. Вайцех адчуў, што пачынае i цяплець. Пры заходзе сонца вісеў туман і халадок абяцаў пагодлівую ноч.
Але да раніцы далёка, i Вайцех пачаў хадзіць у густой цемнаце ад лесу да дарогі, што сярод поля, на якую ён лучыў бы з завязанымі вачыма. З боку яе сівой спіною ўзвышалася вялізная крушня камення. Гэта была якраз сярэдзіна Жукаўшчыны. Адгэтуль і паварочваў Вайцех. Ногі цягнулі назад, пад лес; відаць, усё ж такі хваляванне не пакінула яго.
На пожні пад ботамі шастала іржышча, а калі ён абыходзіў нязжатыя палосы, мокрае жытнёвае калоссе расіла рукі. Увесь час трэба было прыпыняцца: шуміць іржэўнік і нічога не чутно, як ні ўмудрайся цішэй паставіць нагу ў разоры.
Ён вярнуўся да крушні і апусціўся на яе седлавіну, паклаўшы збоку калгасную «самапалку», якая да яго вартаўніцтва вісела ў канцылярыі. Зрэдку яе бралі конюхі з сабою на начлег — і то пасля таго, як ваўкі зарэзалі жарабя. Ну, і рахункавод калі-небудзь зносіў яе ў нядзелю «на дзікоў», але нідзе яна сябе на апраўдвала, за што і празвалі яе не без гумару калгаснай «самапалкай».
Так і вісела яна за шафай, запыленая, пакуль Вайцеха не выбралі вартаўніком. А ён упадабаў яе, старасвецкую, цяжкую i нязграбную, хоць і ведаў, што з яе можна пацэліць толькі ў божы свет. Што ж, мужчыну ўжо хутка пяцьдзесят; а ў мінулым кадравік, затым усю вайну — партызан. Можа, таму ён і любіў стрэльбу i бярог, як і ўсякую баявую зброю. Ён аглядаў яе, чысціў, змазваў. З ёю ноччу зусім нястрашна. Пачуеш шолах — сціснеш яе моцна рукамі, — вось ты i непрыступны.
Толькі думкі пра стрэльбу ў яго сёння з’яўляліся мімаходзь. За апошнія дні ён перабіраў у памяці ўсіх людзей са сваёй вёскі і нават з суседніх і, здаецца, здагадваўся…
Раптоўнае рохканне ля лесу прымусіла яго ўсхапіцца. Рукі неяк самі сцялі стрэльбу, як абцугі. Затым адтуль, дзе пачулася рохканне, нешта, шалёна тупаючы, неслася проста на яго, і чым бліжэй, то ног здавалася ўсё больш i больш.
«Дзікі… А ў ствале соль… Магіла…» На момант перад вачыма ўзнік дубок, што рос недалёка ад крушні, бліжэй пад вёску.
«Хутчэй да яго…» — варухнулася недзе ў свядомасці выратавальная думка, але ногі застылі, адзярвянелі, не адарвеш іх ніяк ад зямлі, хоць ты што…