«Вух!.. Вух!..» — пачулася спераду. Тупат на нейкую хвіліну сціх. Вайцех убачыў двух белых дзікоў за крокаў дзесяць ад крушні. З іх ноздраў, здавалася, дыхае цеплынёй, нібы з палка ў лазні з-пад веніка.
«Будзь што будзе…» — стрэльба міжволі падалася ўперад.
«Вух… Вух… Хых… Хых…» — данеслася яшчэ раз ад спуджанай некім жывёлы. Не паспеў Вайцех злажыцца, як дзікі змянілі кірунак i ix белыя спіны схаваліся ў жыце. Яны, учуўшы чалавека, звярнулі з дарогі і ўпоперак загонаў падаліся ў бліжэйшы беразняк. Доўга шумела ў тым баку, нібы нехта, шпаркі на хаду, цягнуў па жыце разматаную вяроўку. Затым наступіла ранейшая цішыня, як бы той, шпарканогі, хуценька зматаў сваю вяроўку і кінуў яе праз дарогу, што вяла на луг, у густыя кусты на ўзлессі: дзікі схаваліся там.
Тахкала сэрца, і ўздрыгвала ў руках стрэльба. Мурашкі казытнулі холадам цела недзе там, каля паясніцы, і разбегліся па спіне.
— Бр-р-р!.. — моцна страсянула яго толькі цяпер, калі небяспека мінула. Стукалі зубы, i бразгала аб метал рулі антапка.
— Цьфу! Мярзота… Дзіч… — моцна сплюнуў Вайцех i подбегам рушыў ад крушні, нібы гэта была не куча камення, а месца змяінага споўзішча, і ён стараўся хутчэй пакінуць яго.
Цішыня, што зноў запанавала на Жукаўшчыне, хутка супакойвала Вайцеха, аднак пастаяць або сесці пасядзець ён не мог, бо адчуваў сябе, як на пікеце, і падаўся пад лес. Чамусьці хацелася быць далей ад таго месца, дзе ён ледзь не сутыкнуўся з дзікамі.
«Шась… Шась…» — мерна вырывалася з-пад ног у Вайцеха, ураўнаважваючы яго. Яму здавалася, што побач ішоў другі вартаўнік. Гэтае абманлівае пачуццё рассейвала самоту, дадавала смеласці i нават бадзёрыла.
Крокаў пяцьдзесят заставалася да ўзлесся, як Вайцех паверыў у тое, што сапраўды з боку ў яго нехта ідзе. Стук і шастанне сталі такімі натуральнымi, што іх несуладдзе з рытмічным шалясценнем, якое раздавалася ад ягоных ног, выразна стала лавіць вуха.
«Глупства… Гэта я, мусіць, так паверыў у сваю выдумку…»
Але раптам сярод густога шастання пачуўся моцны, нейкі прыглушаны стукат.
«Ці не ад яго гэтае шастанне?»
Вайцех прыпыніўся.
Цішыня, як у вушку… «Вось што значыць моцны спалох…» — усміхнуўся ён сам сабе i хацеў ужо зрушыць з месца, як тое ж шастанне, гэты раз не збоку, а ля самага лесу, падказала: нехта калоціць сноп.
Трэба было асцерагацца. Ён, паціху ступаючы, сышоў з загону i прысеў на кукішках за бліжэйшым мэндлікам. Мокры, у расе колас казытнуў шчаку i лёг на брыво. Вайцех услухаўся. Аж у вушах зазвінела. Нічагуткі. Затым паступова прыплыў далёкі, таемны, але смелы шэпт ялін у канцы жытнішча. Цішыня, аказвалася, была зманлівай.
Вайцех прагна лавіў галасы ночы. Скрыпела недзе дрэва, рытмічна, з енкам, нібы пад павевамі ветру ўядаўся ў ягоны сук ствол суседняга, больш цвёрдага дрэва і паволі адпілоўваў яго. З боку, на пожні, шаптала старая асіна. Злосна і коратка пракрычала ў бярэзніку сава. У жыце пішчала перапалоханая птушка, хутчэй маладое птушаня, як здалося Вайцеху. Трашчала салома — гэта ўставала на загоне прыгнутае нагамі іржышча.
I тут Вайцех аж страпянуўся, нібы хтосьці перацягнуў па ім дубцом. У цішыню ночы смела ўварваліся пошум і мяккія постукі палкі. Вайцех увесь падаўся ўперад і стаў падымацца. Хутка з-за свайго мэндліка ён убачыў, як недалёка ад лесу штосьці чорнае бесперапынку калашмаціла сноп. Вайцех выпрастаўся і здрыгануўся: там быў чалавек.
«Ён жа і напалохаў дзікоў, а цяпер і сам не горш за іх тармосіць. Але пачакай… Што гэта? Яшчэ нехта каля яго сноўдаецца. Маленькі… Хлапчаня… Угу…»
Усю асцярогу, набытую гадамі ў партызанскай разведцы, а пасля пры вартаўніцтве, паклаў Вайцех на тыя паўсотні крокаў, якія аддзялялі яго ад «паўтара зладзеяў». Хаця гэтага можна было i не рабіць: два сілуэты — адзін большы, другі зусім малы — смела ўвіхаліся каля мэндліка, забыўшыся на ўсё. Ды чаго ім было баяцца? Дзікоў спудзілі, і тыя падаліся прэч; вартаўніка, відаць, не спадзяваліся сустрэць, а мо і чакалі з якім-небудзь намерам. Хто ведае…
Вайцех, прыгнуўшыся, падкраўся амаль да іх: яго прыкрывалі мэндлікі, густа пастаўленыя па загоне, а стук важкай палкі па снопе скрадваў крокі.
Перад яго вачыма спяшаліся двое. Праўда, дзіцянё менш стукала палкай па снопе — спіцай з каляса, як здалося Вайцеху, — а згортвала ў кучку на разасланай пасцілцы распырсканае зерне. Затое спрытна малаціў стары мужчына: і палкай, і локцямі, і пальцамі, і каленьмі. Ён нават ухітраўся час-ад-часу перасыпаць зерне з далоні на далонь, зыдзьмухваючы мякіну і падносячы затым рукі да вачэй. У разоры каля іх (Вайцех заўважыў гэта крыху пазней) ляжаў мяшок — паўпудовая ношка.
Нейкі смех пачынаў разбіраць Вайцеха: рухі мужчыны былі такія нязграбныя, нібы гэта мядзведзь абіраў шалупіны зваранай бульбіны. Затое малы… О-о-о!.. Які ён быў спрытны! Ён спраўляўся і падносіць снапы, хоць яны былі і зацяжкія для яго, і адкідваць абабітыя ўбок, затым прыстаўляць іх да някранутых мэндлікаў, і нават ухітраўся жменямi або прыгаршчамі папаўняць ношку… Апошняе выходзіла ў яго найспрытней. Рабіў ён усё хутка і моўчкі: відаць, баяўся бацькі.
Вайцех паверыў, што перад ім спрактыкаваны злодзей з вывадкам, а не звычайны вясковы абібок. На душы чамусьці адразу стала крыўдна… Мусіць, за малое. Затым падскочыла шалёная злосць.
— Стой! Hi з месца, прокляць!..
Канец стрэльбы амаль даставаў да плячэй мужчыны. Абодва, як сядзелі, так і прыгнуліся да зямлі. Затым мужчына, не азіраючыся, у адно імгненне ўхапіў мех i, як воўк, скакануў з месца. Твару яго Вайцех не згледзеў.